Главная | Справочник Кобрина | Аквапарк | Ледовый | Новости
Новости | Полезности | 13 фактаў пра "трынаццатую" пятнiцу

13 фактаў пра "трынаццатую" пятнiцу

Самыя прымхлiвыя людзi сёння, напэўна, пастараюцца ўвогуле не выходзiць з дому, самыя рызыкоўныя — зладзяць вяселле. А ўсiм тым, хто знаходзiцца памiж гэтымi дзвюма крайнасцямi, прапануем некалькi цiкавых фактаў з гiсторыi "чортавай пятнiцы".

1. Невядома дакладна, чаму людзi ўспрымаюць менавiта гэты дзень з такiм негатывам. Па адной з версiй тэолагаў, менавiта ў пятнiцу, 13-га Ева, пачаставала Адама забароненым яблычкам, чым пралюдзi i заслужылi выгнанне з Эдэма. Па другой — у гэты дзень Каiн забiў Авеля, але гэтыя згадкi нiчым не пацвярджаюцца.

2. Больш пераканаўча выглядае iншая дата — 13 кастрычнiка (пятнiца, зразумела ж) 1307 года. Пры падтрымцы караля Францыi, Фiлiпа IV Прыгожага, Папа Рымскi Клiмент V, якi даўно марыў знiшчыць ордэн тамплiераў i завалодаць яго багаццямi, развязаў сапраўдную бойню, чым i забяспечыў дню дурную славу ў вяках.

3. У Сярэднявеччы цвёрда верылi, што "чортава пятнiца" — найлепшы час для шабашу, куды павiнны сабрацца тузiн вядзьмарак, а трынаццатым, маўляў, з"яўляўся сам сатана.

4. "Параскевiдэкатрыяфобiя" — пакуль вымавiш, язык зломiш. Тым не менш, калi вы засцерагаецеся пятнiцы, 13-га, гэта менавiта пра вас. Трыскадэкафобiя — больш звыклая боязь, самой па сабе лiчбы 13 пазбягае кожны пяты еўрапеец.

5. Нумара 13 няма ў нумарацыi дамоў i паверхаў у ЗША, Канадзе i Англii, у "Формуле-1" няма такога балiду, у авiякампанiях — самалёта, у гатэлях — пакою. Амерыканская эканомiка ў кожную такую пятнiцу губляе 800—900 мiльёнаў долараў, бо рабiць пакупкi таксама лiчыцца дрэнным знакам.

6. Брытанскiя хiрургi адмяняюць палову ўсiх аперацый, калi тыя прызначаны на 13-е чысло ў пятнiцу.

7. У Iндыяне (ЗША), паводле законаў штата, уладальнiкi ўсiх чорных катоў у пятнiцу, 13-га, абавязаны апранаць жывёлам званочкi на шыю. Вiдаць, каб зберагчы тых ад найбольш прымхлiвых суседзяў.

8. У Кiтаi, Карэi i Японii, наадварот, лiчба 13 расцэньваецца як шчаслiвая, незалежна ад дня тыдню. Затое тут недалюблiваюць "чацвёркi", i, напрыклад, тэлефонныя нумары з гэтымi лiчбамi прадаюцца па знiжаных цэнах.

9. Нямецкi сацыёлаг Эдгар Вундэр з Цэнтра Парапсiхалогii даследаваў амаль 150 тысяч няшчасных выпадкаў, што адбылiся па пятнiцах з 1985 па 1999 год. I прыйшоў да высновы, што спалучэнне пятнiцы з 13-м чыслом нiколькi не больш страшнае, чым звычайная пятнiца.

10. Па традыцыi ў гэты дзень абвастраюцца вiрусныя атакi на камп"ютары. Адным з першых вiрусаў гэтага плана стаў Jerusa*em, якi ў пятнiцу, 13 мая 1988 года, знiшчыў у некалькiх унiверсiтэтах розных краiн свету ўсе файлы пры iх запуску. Пазней некаторыя карыстальнiкi лiчылi за лепшае ўвогуле не ўключаць камп"ютары ў гэты дзень. Астатнiя ж… абнаўлялi антывiрусныя праграмы.

11. Ахвярамi пятнiчных забабонаў былi Напалеон, Бiсмарк, Iаган Вольфганг Гётэ, якiя ў такi дзень проста не вылазiлi з-пад коўдры i заставалiся ў ложку. Нават прэзiдэнт ЗША Франклiн Рузвельт ухiляўся ад паездак 13-га чысла. Не любiў пятнiцу, 13-га Зiгмунд Фрэйд, якi, праўда, знайшоў псiхалагiчнае тлумачэнне гэтаму факту — "адлюстраванне ўласнага падсвядомага памкнення да бессмяротнасцi".

12. Паводле народных павер"яў, у пятнiцу, 13-га, каб пазбегчы непрыемнасцяў, трэба з ранiцы, перахрысцiўшыся, прачытаць "Ойча наш", а затым сказаць: "Святая пятнiца мацней, а я, раб (iмя), стаю за ёй, а не за сённяшняй. Амiн".

13. Навука аб лiчбавым значэннi кожнага слова — гематрыя — раiць ставiцца да лiчбы 13 з павагай. Напрыклад, кабалiсты, сярод якiх нямала знакамiтых людзей, "расшыфроўваюць" лiчбу словам "ахава" — "любоў". (Слова складаецца з чатырох лiтар, кожная з якiх мае лiчбавы адпаведнiк: алеф — 1, бэйт — 2, дзве хэй — 5 i 5, у суме — 13).

…I няхай гэта пятнiца пройдзе для вас без непрыемных наступстваў!