Главная | Справочник Кобрина | Аквапарк | Ледовый | Новости
Новости | Кобрин | Добрае, бо смачнае

Добрае, бо смачнае

Міжнародны кулінарны конкурс сярод гаспадынь аграсядзіб адбыўся «На Зарэчнай вуліцы» у Кобрынскiм раёне.

«Наелiся на год наперад», – так можна коратка ахарактарызаваць вынікі кулiнарнага конкурса гаспадынь аграсядзiб, якi адбыўся напрыканцы жніўня ў Кобрынскiм раёне. Паказаць сваё кулiнарнае майстэрства «На Зарэчную вуліцу» прыехалi не толькі беларусы, але i госці з-за Буга. З ранiцы на кухнi ўсё скварчэла, смачны пах разыходзіўся далёка па акрузе.

Варта адзначыць, што журы пры падвядзеннi вынiкаў замест запланаваных трох месцаў выдзелiла шэсць – нiяк не хацелася пакрыўдзiць вартых найлепшых пахвал гаспадынь. «Гэта вам не абед, а дэгустацыя!» – падкрэслiваў не раз старшыня журы, галоўны спецыялiст абласного аграпрамсаюза Павел Каліноўскі, але госцi ўспрымалi гэтыя словы больш як жарт. Дзе тут утрымаешся, калi перад табой столькі смакаты! Затым былi i танцы, i народныя гульнi...

Задумка арганiзаваць такi конкурс з`явiлася тры гады таму. Кола ўдзельнiкаў расце, а сёлета кулiнарны фэст упершыню набыў статус мiжнароднага.

Аўтару гэтых радкоў выпала быць у журы. Перад дэгустацыяй паведамілі пра шэсць крытэрыяў, па якiх трэба вызначаць пераможцу. Але ў вырашальны момант найважнейшую ролю адыграў самы важны эксперт – страўнiк. Сваё «слова» ўнеслі таксама смачныя пахі, не рэагаваць на якія было немагчыма. Ну і афармленне, бо ацэньвалiся не толькi смакавыя якасцi.

Ала Палiкарпук прапанавала «цэпелiны» – самабытнае беларуска-літоўскае блюда накшталт пельменяў, толькі цеста бульбяное і памер значна большы. «Дэгустуючы», адчуваеш безлiч самых лепшых смакаў i прыпраў. А галоўнае, ежа сытная, дае прылiў сiл. «На Зарэчнай вулiцы» спецыяльна да конкурсу збудавалi летнюю павець у сялянскім стылі з плятнём і старадаўнiмi прыладамi працы.

«Казачка» з-пад Мiнска Эльвiра Палуян (3-е месца) здзiвiла многiх умелым ажыццяўленнем сваiх кулiнарных выдумак. Замест вядомых магазiнных чыпсаў яна прапанавала яблычныя, i яны ўсiм вельмi спадабалiся. Цяжка нават уявіць, як без спецыяльнай машыны гаспадыня так тонка наразала яблычныя лустачкi, а пасля іх падсушвала. Прывабiла гасцей мiнчанка i сваім цуда-кампотам. У пасудзiне накшталт графiна плавалi грушы i яшчэ безлiч фруктаў, вельмі апетытных на выгляд. Даставалi іх апалонікам нарасхват – кожны хацеў паспытаць.

Па словах каардынатара праекта, старшыні грамадскага савета па аграэкатурызму абласнога аграпрамсаюза Георгiя Грыбава, сацыялагiчныя даследваннi паказваюць, што замежнага турыста перш за ўсё цікавяць тры рэчы: бяспека, прырода i кухня. Таму конкурс не з разраду дзяжурных, а мае практычны сэнс: павышэнне ўзроўню кулiнарных здольнасцей, абмен вопытам. Дзецішча натхнёна рухаюць наперад арганiзатары – абласны аграпрамсаюз i названы вышэй грамадскі савет. Ініцыятыву ўзялiся падтрымаць у аблвыканкаме, кiраўнiцтва мiжнароднага праекта, накіраванага на развіццё традыцый i наватарства ў народнай кулiнарыi на тэрыторыi польска-беларускага Палесся. Гэты праект фінансуе фонд «Еўразія».

Альфрэда Мiкалайчык (1-е месца) i Халiна Шыманьска (2-е месца) з Польшчы не ўтойвалі свайго захаплення Беларуссю, дзе, дарэчы, апынулiся першы раз. Казалi, што iм спадабалася ўсё: чысцiня i парадак на вуліцах, гасцiннасць i ўтульнасць беларускіх аграсядзiб, нават не чакалі ўбачыць такое хараство. Альфрэда запякла неверагодна смачную страву з рыбы, а Халiна – курыцу з грыбамі ў кляры, прыгатавала піражкі з капустай. Яшчэ адна маладая госця Рэната не стамлялася частаваць усіх велічэзным сырнікам з мёдам.

Вопытныя эксперты казалі, што за тры гады чаго толькі не бачылi на сталах падчас смачнага конкурсу. Нават стравы з бабра і лася пакаштавалі. Праўда, не рэкамендвавалі захапляцца імі, каб не нiшчыць фаўну. «Добрае, бо наша!» – запомніўся надпiс на брашурцы, якую прывезлi палякi. Сапраўды, калi мы будзем цанiць і паважаць сваё, то гэта спадабаецца не толькі землякам, але і замежным турыстам.

Па выніках міжнароднага кулінарнага фэсту гаспадынь аграсядзіб вырашана выдаць кнігу з лепшымі рэцэптамі, а на наступны раз пашырыць кола ўдзельнікаў, запрасіць яшчэ і ўкраінцаў. Магчыма, праз год конкурс у сябе прымуць госці з-за Буга. Бо ежа, як і добрыя стасункі суседзяў, не мае межаў.

Сергей Мощик, "ВБ"