Главная | Справочник Кобрина | Аквапарк | Ледовый | Новости
Инфо | Сведения о Кобрине | История Кобрина | Кобрин в 1905 году

Кобрин в 1905 году

Пачатак XX ст. не абяцаў асаблівых перамен у жыцці Кобрына. Тут не збіраліся будаваць буйныя прадпрыемствы ці памнажаць колькасць школ для народа.

Затое царская адміністрацыя надавала гораду пэўнае ваеннае значэнне, ператварыўшы яго ў буйны мабілізацыйны пункт. У час руска-японскай вайны 1904 — 1905 гг. у Кобрыне фарміравалася значная колькасць часцей, якія потым адпраўляліся ў Маньчжурыю. А ў хуткім часе з усходу сталі прыходзіць бязрадасныя весткі. Аднак яшчэ больш узрушыла жыхароў крывавая расправа 9 студзеня 1905 г. на Дварцовай плошчы ў Пецярбургу. I вось на кобрынскіх вуліцах з'явіліся першыя дэманстрацыі пратэсту. Пачыналася рэвалюцыя.

Мясцовыя ўлады разлічвалі на дапамогу раскватараваных у Кобрыне вайсковых падраздзяленняў. Але нават у «навядзенні парадку» ўдзельнічалі толькі паліцэйскія, сярод салдат назіралася хваляванне. У казармах з'явіліся лістоўкі, якія распаўсюджвала РСДРП. Асаблівую актыўнасць праяўлялі прызыўнікі старэйшых узростаў, якія размяшчаліся ў маёнтку «Губерня». 21 ліпеня 1905 г. яны дружным строем накіраваліся ў горад, дзе ў гэты час на Рыначнай плошчы сабралася шмат гараджан і сялян з навакольных вёсак, што прыехалі раней на торг. Мітынгоўцы запоўнілі ўвесь гарадскі цэнтр, скандзіравалі: «Далоў цара!». Паліцыя беспаспяхова спрабавала разагнаць удзельнікаў мітынгу, ёй далі дружны адпор і прымусілі да ўцёкаў. Тым часам сюды ўжо накіроўваліся карныя сілы, на пастой прыбылі ўрадавыя войскі. 17 кастрычніка 1905 г., калі выйшаў царскі маніфест, Кобрын зноў быў ахоплены дэманстрацыямі. У адказ на абяцанне ўяўных свабод людзі выйшлі з чырвонымі сцягамі і лозунгамі: «Далоў самадзяржаўе!». Па Ратненскай вуліцы дэманстранты рушылі да «Губерні», спадзеючыся на падтрымку прызыўнікоў. Але тут іх ужо чакалі казакі, якія пусцілі ў ход нагайкі і шашкі.

Яшчэ летам 1905 г. на кобрынскай станцыі ўтварылася аддзяленне Усерасійскага чыгуначнага саюза на чале з камітэтам, абраным мясцовымі рабочымі. У склад камітэта ўвайшлі К.А.Кандрацьеў (старшыня), Я.М.Скаркоўскі, І.А.Грышко, Я.К.Гаазе, Н.Багатко. Чыгуначнікі арганізавалі баявую дружыну, якая ўзброілася жалезнымі пікамі, вырабленымі тут жа, у майстэрні. Камітэтчыкі праводзілі мітынгі, на якіх выстаўляліся палітычныя патрабаванні, наладжвалі цесную сувязь з іншымі забастовачнымі камітэтамі. А ў кастрычніку 1905 г. яны дружна ўключыліся ў агульнарасійскую забастоўку чыгуначнікаў. Яе на Палескіх чыгунках у хуткім часе падтрымалі і паштова-тэлеграфныя служачыя Кобрына, потым настаўнікі гарадскіх вучылішчаў і сельскіх школ. Баставалі і многія дробныя прадпрыемствы горада.

12 снежня 1905 г., калі ў далёкай Маскве разгортваліся баі на Чырвонай Прэсні, з Гродна на адрас віленскага генерал-губернатара паляцела трывожная тэлеграма: «...з прычыны забастоўкі палескіх чыгуначнікаў Кобрынскі павет зусім адрэзаны ў сэнсе шляхоў зносін». Гэта азначала, што карнікі не могуць дабрацца да мяцежнага горада і патрабуюцца тэрміновыя меры. Праз 2 дні ў адносінах да павета было выкарыстана «Палажэнне аб узмоцненай ахове» тэрмінам на адзін год. Атрымаўшы поўную свабоду дзеянняў для падаўлення ўсіх іншадумцаў, паліцэйскія ўлады Кобрына на чале са спраўнікам Лукіным бойка ўзяліся за справу. У выніку адбылася жорсткая расправа з удзельнікамі мітынгу, якія сабраліся ў сінематографе (рог сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Кастрычніцкай).

Амаль увесь год, пачынаючы з вясны, кобрынскае неба па вечарах асвятлялася зарывамі блізкіх і далёкіх пажараў. Гэта сяляне пускалі «чырвонага пеўня» — палілі маёнткі памешчыкаў. У 1905— 1906 гг. у павеце адбылося каля 200 адкрытых выступленняў, некаторыя з іх выліліся ва ўзброеныя сутычкі. У в. Моладава на дапамогу бастуючым сезонным рабочым смалакурні памешчыка Скірмунта прыйшло каля 300 сялян. Яны спрабавалі вызваліць дзесяцярых арыштаваных, якіх жандары збіраліся канваіраваць у горад. Аднак памешчык выклікаў драгунскі эскадрон. Сяляне храбра адбіваліся ад насядаўшых з шашкамі драгунаў, але мусілі адступіць.

Найбольшую вядомасць атрымалі падзеі ў Ілаўскай воласці, дзе жыхары некалькіх вёсак вялі бязлітасную барацьбу з памешчыкам Шэметам і яго гайдукамі. На чале сялян стаялі К.Рачко і М.Нічыпарук, якія і распрацавалі план дзеянняў. Паўстанцы ўзброіліся драбавікамі, віламі і самаробнымі пікамі, прыхапілі некалькі бутляў газы і накіраваліся ў бок маёнтка. Але памешчык ужо паспеў выклікаць роту салдат. Выступленне было задушана, некаторыя завадатары схоплены.

Звесткі пра справы на Кобрыншчыне дайшлі да цара, які загадаў: «...Найвысачэйшым указам, дадзеным правячаму Сенату ад 25 лістапада гэтага года, тэрмін дзеяння ўведзенага ў Пружанскім і Кобрынскім паветах «Палажэння аб узмоцненай ахове» прадоўжаны да 8-га снежня 1908 года». Вынікам неабмежаваных карных паўнамоцтваў быў арышт у пачатку студзеня 1906 г. камітэта кобрынскага аддзялення чыгуначнага саюза. Палескія чыгункі адны з апошніх закончылі стачку. Былі арыштаваны таксама арганізатары забастоўкі настаўнікаў. У некаторых з іх канфіскавалі экзэмпляры Праграмы РСДРП.

Падзеі 1905 г. на тэрыторыі Кобрынскага павета даюць падставы меркаваць, што тут дзейнічала нейкая група ці арганізацыя партыі. Дакументальных пацвярджэнняў гэтага не захавалася, таму даводзіцца абапірацца на ўскосныя доказы. Напрыклад, на тое, што ў недалёкім Брэсце была моцная арганізацыя РСДРП, якая мела нават сваю падпольную друкарню. Магчыма, з ёй былі звязаны К.Рачко з Ілаўска, сельскія настаўнікі Я.Хведасюк з Кісялёўцаў і А.Каліноўскі з Ліпнікаў. Усе яны вучыліся ў Віленскім універсітэце, адным з цэнтраў рэвалюцыйнага руху. Цікавы і той факт, што з 1906 г. К.Рачко стаў настаўнічаць у в. Закросніца. Яго імя сустракаецца на старонках газеты «Правда» тых далёкіх гадоў. 14 жніўня 1913 г. бальшавіцкая «Северная правда» (адна з легальных назваў газеты) змясціла артыкул настаўніка пра гаротнае становішча сялян Закросніцкай воласці Кобрынскага павета.

Н.М.Пліско