Главная | Справочник Кобрина | Аквапарк | Ледовый | Новости
Инфо | Сведения о Кобрине | История Кобрина | Гражданская война на Кобринщине

Гражданская война на Кобринщине

Першая сусветная вайна ўзмацніла рэвалюцыйную актыўнасць народа. У лютым 1917 г. было скінута царскае самадзяржаўе. Партыя бальшавікоў узяла курс на сацыялістычную рэвалюцыю. Многія з кобрынскіх бежанцаў былі сведкамі таго, як развіваліся падзеі ад лютага да кастрычніка, некаторыя ўдзельнічалі ў іх. Перамога Кастрычніцкага ўзброенага паўстання 1917 г. у Петраградзе, Дэкрэт аб міры і прапанова Савецкага ўрада спыніць вайну пасялілі ў іх надзею на хуткае вяртанне дадому.



3 сакавіка 1918 г. у Брэст-Літоўску быў падпісаны Брэсцкі мір з Германіяй. Паводле ўмоў дагавора заходняя і цэнтральная часткі Беларусі трапілі пад уладу германскіх акупантаў. Сярод мірных умоў адна асабліва хвалявала бежанцаў — ім дазвалялася вярнуцца ў родныя мясціны.

Вярталіся не толькі з усходу, але і з захаду, з германскага палону. У ліку першых мікалаеўскіх салдат у Ілаўскую воласць Кобрынскага павета вярнуліся І.Жаваранак і М.Шыманскі. А ў воласці па-ранейшаму гаспадарыў памешчык Шэмет, якому спрыялі акупанты. Жыхары Ілаўска і суседніх вёсак, якія даўно цярпелі ад памешчыка, пацягнуліся да сялян-вайскоўцаў. Было вырашана стварыць партызанскі атрад. Жаваранак і Шыманскі наладзілі сувязь з падпольнай арганізацыяй РКП(б), якая ўзнікла ў Кобрыне ў верасні 1918 г. У яе склад уваходзілі В.Д.Міцкевіч (сакратар), Е.Бартэнбаўм, Г.Панцэль, Д.Ляўчук. Падполыпчыкам удалося даставіць у Дзеткавіцкі лес, дзе знаходзіліся партызаны, зброю і боепрыпасы, нелегальную літаратуру. Неўзабаве была праведзена першая аперацыя — разгромлены маёнтак Шэмета. Памешчык спрабаваў уцячы, але не пазбеглі кары ні ён сам, ні яго паслугачы-гайдукі. Аднак на наступны дзень сюды прыбылі карнікі. Немцы схапілі партызан М.Шыманскага, Д.Сакалюка і М.Аўдзеюка, якія неўзабаве былі расстраляны. Гэта былі першыя змагары за савецкую ўладу, што загінулі на кобрынскай зямлі.

Партызанскі атрад пад камандаваннем Івана Жаваранка перабазіраваўся ў раён в. Смалярня і працягваў барацьбу. Кобрынская арганізацыя павялічылася за кошт новых падполынчыкаў: Н.Курэшы, Ф.Качанка, С.Куляша і інш. Пачалі стварацца падпольныя ячэйкі ў бліжэйшых вёсках. У Навасёлках сфарміравалі партызанскі атрад браты Сахарчукі.

У лютым 1919 г. кобрынскае падполле прыняло рашэнне вызваліць з турмы заложнікаў. Напад рыхтавалі Д.Ляўчук і Г.Панцэль. Аднак гэтыя планы не былі ажыццёўлены. 10 лютага 1919 г. нямецкіх акупантаў змянілі легіянеры Ю.Пілсудскага. Гарнізон у горадзе павялічыўся, узмацнілася ахова турмы, пачаліся арышты. У бок в.Смалярня накіравалася карная экспедыцыя. Гарадскія падполыпчыкі не паспелі папярэдзіць партызан, і тыя апынуліся ў акружэнні. Загінулі 17 чалавек, толькі некалькім удалося выратавацца. Сярод тых, хто прарваўся, быў і І.Жаваранак. Ён перайшоў граніцу Савецкай Расіі і пазней удзельнічаў там у грамадзянскай вайне. Падпольнай арганізацыі горада ўдалося пазбегнуць правалу.

У сакавіку 1920 г. польскія войскі пачалі новае наступленне. Праз Кобрын у бок Пінска часта ішлі цягнікі з войскамі і ўзбраеннем, а назад — са збожжам і жывёлай. Падполынчыкі вырашылі вывесці са строю гэту магістраль. В.Д.Міцкевіч, які працаваў на станцыі, даручыў стрэлачніку С.Куляшу арганізаваць крушэнне цягнікоў. Выбраўшы зручны момант, С.Кулеш накіраваў цяжка гружаны састаў, які ішоў поўным ходам з пінскага боку, на ваенны эшалон, што выходзіў з Кобрына. У выніку крушэння ўвесь пуць быў завалены вагонамі. На фронт, дзе рыхтавалася наступленне, не трапілі гарматы, аўтамашыны і пантоны, а збожжа і жывёла засталіся на месцы. Падполыпчык-стрэлачнік паспяхова выбраўся з горада пад чужым прозвішчам (пашпартам яго забяспечылі загадзя). Гэта дыверсія напалохала паліцыю і контрразведку, былі арыштаваны амаль усе чыгуначнікі, але з-за адсутнасці доказаў іх хутка выпусцілі.

У чэрвені 1920 г. пачалося контрнаступленне Чырвонай арміі, а 30 ліпеня быў вызвалены Кобрын. Адступленне праціўніка прыкрываў браняпоезд. Яго кулямётныя чэргі скасілі каля в. Паляцічы ўзвод стралкоў-чырвонаармейцаў. На іх брацкай магіле ў наш час пастаўлены абеліск.

31 ліпеня 1920 г. у горадзе ўзнік павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) — першы орган савецкай улады на кобрынскай зямлі. Яго старшынёй стаў Павел Яфрэмавіч Харашылаў, камандзір адной з чырвоных часцей, якія вызвалялі Кобрын. П.Я.Харашылаў — кадравы ваенны, пазней удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, якую закончыў у званні генерал-маёра. У склад ВРК увайшлі таксама Е.Бартэнбаўм, Кулеў і настаўнік У.Карліцкі (сакратар). Рэўком размясціўся ў будынку былога казначэйства на Банкаўскай (Замкавай) плошчы, дзе пазней знаходзілася музычная школа. У сваім першым загадзе ад 31 ліпеня 1920 г. рэўком абвясціў, што ўся паўната ўлады ў горадзе і павеце пераходзіць да часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Гэта адпавядала Палажэнню ад 24 кастрычніка 1919 г., падпісанаму У.І.Леніным, паводле якога такія камітэты ствараліся на час, што папярэднічаў выбарам у мясцовыя Саветы. А пакуль усімі справамі ў горадзе займаліся аддзелы ВРК: ваенны, працоўны, сацыяльнага забеспячэння, народнай адукацыі і аховы здароўя, харчовы, зямельны.

{tab=2}У першыя дні дзейнасці ВРК была арганізавана павятова-гарадская міліцыя, якую ўзначаліў Ф.І.Федасюк, былы падпольшчык. Камуністы-падпольшчыкі занялі і іншыя адказныя пасады ў горадзе. Н.Курэша і П.Курэша сталі ваеннымі камендантамі, П.І.Федасюк кіраваў працай павятовага аддзялення губчэка, у склад якога ўвайшлі таксама Д.Ляўчук, Г.Панцэль і будучы паэт Дз.Фалькоўскі. Галоўнае месца ў іх рабоце займала дапамога Чырвонай арміі, якая працягвала наступаць на захад.

9 жніўня 1920 г. рэўком абавязаў усё працоўнае насельніцтва горада выканаць заданне па пераабсталяванні вузкай чыгуначнай каляіны ў шырокую ад Кобрына да Гарадца і далей на Драгічын. У выдадзеным з гэтай нагоды загадзе гаварылася: «...Чырвонаму воіну і фронту неабходна правільнае і рэгулярнае забеспячэнне, неабходна аблегчыць яго пакуты, якія ён церпіць з-за адсутнасці руху паяздоў. Рабочым і сялянам Чырвонага Кобрына неабходна звязацца са сваім кіраўніком — Савецкай Рэспублікай. На чыгуначнай станцыі Чырвонага Кобрына павінны быць чутны грукат і свіст паравоза...».

Гэтай важнай працай кіраваў начальнік станцыі В.Д.Міцкевіч — той самы, што ў гады акупацыі арганізаваў тут дыверсію. У хуткім часе з Пінска прыбыў першы цягнік з ваеннай амуніцыяй. Аднак у заходнім напрамку шырокую каляіну паспелі давесці толькі да станцыі Жабінка.

ВРК праводзіў нарыхтоўку харчоў, галоўным чынам арганізоўваў збор ураджаю ў маёнтках памешчыкаў, якія ўцяклі за Буг. Прадукты і фураж харчаддзел камітэта размяркоўваў па двух адрасах: Чырвоная армія і незаможнае насельніцтва, асабліва бежанцы. Усе прыватныя млыны, хлебапякарні і іншыя прадпрыемствы працавалі пад кантролем рэўкома.

У першыя дні савецкай улады быў аб'яўлены прызыў у Чырвоную армію. Многія з неваеннаабавязаных ішлі добраахвотнікамі, дапамагалі ў абозах. Вялася актыўная барацьба з контррэвалюцыяй, бандытызмам. Рэалізоўваліся мерапрыемствы па нармалізацыі ўмоў жыцця насельніцтва. З'явіліся першыя народныя бібліятэкі, чытальні і клубы. Шмат спраў стала ў работнікаў асветы: трэба было арганізаваць працу школы на новых пачатках, ахапіць навучаннем максімальную колькасць дзяцей і падлеткаў. Яшчэ большыя задачы стаялі перад зямельным аддзелам у сувязі з пераразмеркаваннем зямель і ўгоддзяў у павеце сярод сялянства. Аднак, на жаль, усё гэта не ўдалося ажыццявіць.

У сярэдзіне жніўня да жыхароў Кобрыншчыны сталі даходзіць трывожныя чуткі пра няўдачы на Заходнім фронце, пра адступленне Чырвонай арміі. У канцы жніўня 1920 г. Кобрынскі рэўком развітаўся са сваім старшынёй П.Я.Харашылавым, якога тэрмінова адклікалі на фронт. ВРК працягваў напружаную работу ў горадзе і павеце, але з кожным днём усё больш адчувалася набліжэнне ваеннай пагрозы. 13 верасня Чырвоная армія пакінула Кобрын. Рэўком пераехаў у Драгічын і пакуль яшчэ выконваў свае функцыі на незанятых тэрыторыях павета. Аднак неўзабаве давялося эвакуіравацца ў Гомель. Тут 17 кастрычніка 1920 г. Кобрынскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, першы орган савецкай улады ў горадзе, быў скасаваны.

Н.М.Пліско