Кобрыншчына ў 1-ю сусветную вайну
Супярэчнасці паміж Траістым саюзам на чале з Германіяй і Антантай на чале з Англіяй, барацьба за перадзел калоній і сфер уплыву прывялі да вайны. Ваенныя дзеянні спачатку вяліся ў Еўропе, потым пашырыліся на тэрыторыі Далёкага і Блізкага Усходу, Афрыкі, Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага акіянаў.
1 жніўня 1914 г. Германія аб'явіла вайну Расіі. З першых дзён вайны ў заходніх губернях Расійскай імперыі было ўведзена ваеннае становішча. Устанаўліваўся жорсткі ваенна-палітычны рэжым.
У Кобрыне, які лічыўся стратэгічна важным пунктам, паколькі тут праходзіла чыгунка, адразу былі ўведзены ваеннае становішча, каменданцкая гадзіна і падоўжаны рабочы дзень. 6 жніўня пачалася мабілізацыя.
27 ліпеня, яшчэ да ўступлення Расіі ў вайну, асобы камітэт пры ўпраўленні Палескіх чыгунак прыняў спецыяльны дакумент, які змяшчаў палажэнні па барацьбе з забастоўкамі, праверцы добранадзейнасці рабочых, павелічэнні колькасці жандарскіх патрулёў, фарміраванні запасу кваліфікаваных машыністаў і іх памочнікаў і інш.
Расійскія ўлады рабілі некаторыя захады з мэтай прадухілення спекуляцыі. Так, галоўны начальнік Міцскай ваеннай акругі барон Раўш 13 жніўня 1914 г. падпісаў пастанову «Аб дзеяннях, якія караюцца па законах ваеннага часу». У ёй гаварылася пра забарону празмернага павышэння цэн на прадукты першай неабходнасці і продаж іх па цэнах, вышэйшых, чым таксы, якія ўстанаўліваюцца мясцовымі гарадскімі і земскімі пастановамі па ўзгадненні з губернатарамі. Забаранялася таксама ўтойванне і набыццё харчовых прадуктаў і фуражу з мэтай штучнага павышэння іх кошту.
Летам 1915 г. камандуючы Паўночна-Заходнім фронтам генерал Аляксееў вымушаны быў выводзіць з тэрыторыі Польшчы 7 рускіх армій, якія трапілі там у акружэнне. Галоўнакамандуючы вялікі князь Мікалай Мікалаевіч загадаў генералу пакідаць за сабой «выпаленую зямлю». Пра цяжкасці, з якімі сутыкаліся нямецкія войскі ў сувязі з гэтымі акцыямі, сведчаць успаміны генерала Людэндорфа: «Вопратка і абутак абнасіліся, падвоз правіянту станавіўся цяжкім, будынкаў для размяшчэння войскаў на пастой было вельмі мала, бо рускія пры адступленні сістэматычна спальвалі або знішчалі ўсе харчовыя запасы і пабудовы. Жывёлу яны гналі з сабой і потым кідалі здыхаць каля бальшакоў. Калі насельніцтва перашкаджала руху войскаў, то яго зганялі ў балота... Умацаванне пазіцый і будаўніцтва жылля былі складанымі з-за дрэнных чыгуначных зносін. Жыццё на фронце было пакутным. Рускія ўсюды ўшчэнт разбурылі чыгунку».
Галоўны начальнік забеспячэння армій Паўночна-Заходняга фронту генерал М.А.Данілаў яшчэ ў ліпені 1915 г. патрабаваў ад губернатараў Жытоміра, Холмска і Любліна «тэрмінова прыняць энергічныя меры» для вызвалення ад бежанцаў Ковельскага, Уладзіміра-Валынскага, Холмскага, Люблінскага і іншых паветаў і накіроўваць іх у Кобрынскі і Пружанскі паветы Беларусі. Але не па чыгунцы, а па звычайных дарогах, каб не перашкаджаць ваенным перавозкам.
9 ліпеня кіраўніцтва саюза гарадоў, земскага саюза і каўфіманаўскага лазарэта тэлеграфавала з Кобрына генералу Данілаву аб праведзенай падрыхтоўцы да прыёму бежанцаў (былі арганізаваны кармленне, санітарны агляд, амбулаторны прыём і інш.). Разам з тым з трывогай паведамлялася пра вялікую колькасць народу і штодзённае прыбыццё ўсё новых і новых партый. З мэтай папярэджання інфекцыйных хвароб выказвалася просьба не дапускаць далейшага прыбыцця бежанцаў у Кобрын, а накіроўваць іх па чыгунцы ў Пінск. 11 ліпеня Данілаў прасіў начальніка Мінскай ваеннай акругі аддаць тэрміновае распараджэнне аб падрыхтоўцы новых раёнаў для канцэнтрацыі бежанцаў у Смаленскай і Магілёўскай губернях і аб перамяшчэнні часткі іх з Кобрынскага і Пружанскага паветаў па чыгунцы ў новыя раёны.
Рускія войскі мелі паўнамоцтвы рэквізаваць усё больш-менш неабходнае і каштоўнае на пакінутай бежанцамі тэрыторыі. Спачатку ў бежанцаў забралі ўсю жывёлу, а калі тыя садзіліся ў цягнікі, то і коней. Людзі пакідалі родныя мясціны не толькі пад прымусам, але і пад уздзеяннем прапаганды пра зверствы праціўніка. Немцы спрабавалі перашкодзіць руху насельніцтва. У чэрвені 1915 г. на табар бежанцаў, які размясціўся за 8 вёрстаў ад Кобрына германскі аэраплан скінуў некалькі бомбаў.
17 жніўня 1915 г. у Пружанах у натоўп бежанцаў каля харчовага пункта таксама былі скінуты нямецкія бомбы. Загінула каля 30 чалавек, многа свойскай жывёлы, у т.л. коней. У ліпені–жніўні, калі фронт наблізіўся да Кобрына, многія гараджане пакінулі свае дамы.
Наступленне нямецкіх войскаў на Брэст-Літоўскім напрамку ўзначальвалі Гальвіц, прынц Леапольд Баварскі і Макензен. Яшчэ раней армія Макензена была падзелена на 11-ю і «Буг». Ужо 18 жніўня генерал-фельдмаршал фон Макензен падышоў да Брэст-Літоўска. На ўсход ад яго, на тэрыторыі сучаснага Кобрынскага раёна, руская армія вяла ўпартыя баі. Аднак ужо 22 жніўня 1915 г. Кобрын быў узяты арміяй «Буг». Аб стратах праціўніка сведчаць могілкі нямецкіх салдат у вёсках Паляцічы, Тэўлі, Гайкоўка, Балоты, Бародзічы, Ізабелін.
{tab=2}
У час акупацыі Кобрына была выдадзена серыя паштовак на нямецкай мове з відамі горада, якія захоўваюцца ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А.В.Суворова. На адной з паштовак надпіс: «Паходная кніжная крама арміі «Буг» у Кобрыне». Горад быў так хутка захоплены немцамі, што рускія войскі не паспелі нічога знішчыць. Згарэлі толькі мост, частка вуліцы Ганчарнай (сучасная Пралетарская) і гандлёвыя рады (рынак), што адлюстравана на адной з паштовак. На вуліцах Брэсцкай (сучасная Савецкая), Усходняй (Першамайская) і Перамогі (Леніна) не відаць ніякіх разбурэнняў.
На акупіраванай тэрыторыі Кобрынскага павета мелі месца факты марадзёрства.
Кобрынскі павет стаў этапным раёнам арміі «Буг». Немцы пачалі адміністраванне захопленых зямель, якія былі падзелены на акругі, а апошнія — на паветы. Начальнікі паветаў кіравалі толькі тэхнічна-адміністрацыйнымі і гаспадарчымі справамі, на судовыя органы яны не мелі ніякага ўплыву. Павятовым начальнікам падпарадкоўваліся бургамістры маленькіх гарадоў і валасныя начальнікі. У кожным павеце былі спецыяльныя чыноўнікі, якія наглядалі за апрацоўкай зямлі і клапаціліся пра павелічэнне вытворчасці, а таксама жандармерыя і суд для мясцовага насельніцтва. Бургамістрам быў прызначаны Мыдляш — былы выкладчык нямецкай мовы ў гімназіі.
У першыя дні акупацыі пачалася агульная канфіскацыя ў насельніцтва меднага посуду. Тады ж быў зняты з помніка ў гонар перамогі 1812 г. вялікі бронзавы арол. Праводзіліся рэквізіцыі жывёлы, коней, высякаўся лес, рыбная лоўля ў многіх месцах была здадзена ў арэнду. Немцы спрабавалі разгарнуць вялікую сельскагаспадарчую дзейнасць, але ўраджайнасць зямлі была нізкая, і ўрадзілі толькі канюшына, травы, рапс і лён. Сяляне хавалі жывёлу, калі акупанты пачалі яе перапіс.
Каб не падаў курс маркі, немцы ўвялі на акупіраваных землях асобыя грашовыя знакі галоўнакамандуючага Усходам, а таксама сваю сістэму падаткаў. Яна складалася з пошлін, ускосных падаткаў і манаполій. Быў уведзены падатак на нерухомасць, якім абкладаліся землеўласнікі і домаўладальнікі, а таксама прамысловы падатак. З агульнай сумы падаткаў, уключаючы і камунальныя паслугі, на кожнага чалавека прыпадала па 19,5 маркі.
Гандаль развіваўся марудна, гэтаму перашкаджала забарона на свабоднае перамяшчэнне па краіне. Нямецкія ўлады пільна сачылі, каб не было шпіянажу.
За час акупацыі немцы ажыццявілі рускі план «выпаленай зямлі». Аднак калі рускія войскі рабілі гэта хаатычна ў ходзе адступлення, то немцы на працягу трох гадоў высмоктвалі сокі. Акупіраваная Беларусь, у т.л. і Кобрыншчына, з'яўлялася сыравінным прыдаткам Германіі.
Ю.А.Барысюк