Кобрын У СКЛАДЗЕ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА I РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Шляхі і сродкі ўключэння беларускіх зямель у ВКЛ былі розныя, але пераважалі пагадненні з феадаламі гэтых зямель, зацікаўленымі ў моцнай дзяржаве, здольнай абараніць іх ад знешняй агрэсіі, стварыць спрыяльныя ўмовы для гаспадаркі, гандлю і інш. Ва ўстойлівай дзяржаўнай уладзе былі зацікаўлены і гарады, якія цярпелі ад феадальнай анархіі, міжусобіц і знешніх набегаў. Гэтаму спрыяла і феадальная раздробленасць зямель Кіеўскай Русі, іх аслабленне ў сувязі з нашэсцем мангола-татараў і націскам крыжакоў. На беларускіх і ўкраінскіх землях ВКЛ быў больш высокі ўзровень развіцця феадальнага грамадства, чым у літоўска-жамойцкіх, таму іх уплыў на ўсе сферы жыцця дзяржавы быў прыкметны на ўсім працягу гісторыі ВКЛ.
Да канца XIV ст, нашчадкі вялікага князя літоўскага Альгерда (1345–1377) надоўга замацаваліся ў Кобрыне. Адзін з іх, Раман Фёдаравіч, з 1387 г. пачаў афіцыйна называцца князем Кобрынскім. Як і многія з вялікалітоўскіх князёў, гэта пакаленне Альгердавічаў было звязана шлюбнымі адносінамі з прадстаўніцамі мясцовых феадальных родаў. Ад сваіх славянскіх продкаў яны атрымалі ў спадчыну праваслаўе і мову і амаль не адрозніваліся ад іншых заходнярускіх феадалаў. Да князёў Кобрынскіх гэта адносілася ў поўнай меры. Аднак пасля Крэўскай уніі, заключанай паміж Польшчай і ВКЛ у 1385 г., пераважныя правы ў справах дзяржавы сталі атрымліваць католікі. Таму праваслаўныя князі хоць і знаходзіліся ў каралеўскай свіце, але высокіх пасад не мелі. Затое яны былі поўнымі гаспадарамі ў сваіх вотчынах, мелі ўласны двор, раду (княжацкі савет), намеснікаў і пісараў, а да таго яшчэ вялізныя землі і пушчы, шмат паднявольных сялян. Падобна як князі Гальшанскія, Слуцкія, Мсціслаўскія ці Заслаўскія князі Кобрынскія ўвекавечылі свае імёны будаўніцтвам цэркваў і замкаў, толькі зрэдку фігуруючы ў буйных падзеях. Напрыклад, Сямён Раманавіч Кобрынскі (памёр каля 1460) удзельнічаў у вайне праваслаўных феадалаў супраць польскага караля Уладзіслава II Ягайлы, распачатай з мэтай пашырэння палітычных правоў. Разгромлены ў адной з бітваў, ён вымушаны быў адседжвацца ў сваім Кобрынскім замку да лепшых часоў.
У 2-й палове XV ст. у склад Кобрынскага княства ўваходзілі два мястэчкі — Дабучын (пазней Пружаны) і Гарадзец. Тэрыторыя падзялялася на воласці: Кобрынская, Чаравачыцкая, Вежыцкая, Дабучынская, Блудзенская, Грушаўская і Гарадзецкая. Княства па-ранейшаму захоўвала самастойнасць.
Наступныя ўладальнікі горада — удава княгіня Ульяна, яе сын Іван Сямёнавіч з жонкай Фядорай — сталі вядомы сваімі фундашамі (субсідыямі) на карысць праваслаўнай царквы. Пры іх кобрынскаму манастыру Святога Спаса былі выдзелены млын на Шэўне (прыток Мухаўца), рыбныя ставы, увалока (валока) — 21,36 га зямлі, даніна хлебам і мёдам з часткі замкавых зямель, а ў прыдачу — дзве карчмы. У гэтым жа манастыры пахавалі Івана Сямёнавіча, апошняга мужчынскага прадстаўніка князёў Кобрынскіх.
Калі ў 1501 г. яго сястра Ганна Сямёнаўна стала жонкай каралеўскага маршалка Вацлава (Венцлава) Касцевіча, перайшоўшы пры гэтым з праваслаўя ў каталіцтва, фундацыі сталі накіроўвацца па іншым адрасе. У Кобрыне з'явіўся касцёл, у якім, як сведчаць дакументы, на грошы Ганны Кобрынскай-Касцевіч быў узведзены алтар.
На атрыманне ў спадчыну Кобрына заўсёды было шмат прэтэндэнтаў. Паводле загадаў караля Жыгімонта I Старога, які пачаў правіць з 1506 г., усе прэтэнзіі на гэтыя ўладанні скрупулёзна фіксаваліся ў спецыяльную кнігу. У ліку канкурэнтаў былі таксама прадстаўнікі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Кароль не спяшаўся з вынясеннем рашэнняў, бо сам намерваўся прыбраць да рук гэты вялікі і багаты ўдзел. Ведучы актыўную ўнутраную і знешнюю палітыку, ён меў патрэбу ў значных сродках, якія маглі паступіць у яго казну толькі з асабістых уладанняў. Аднак радавітыя феадалы, зыходзячы з юрыдычна асвечаных традыцый, таксама не супраць былі памножыць свае багацці. Супраць магнацкай алігархіі выступала шляхта, паколькі яе зямельныя інтарэсы ў такіх выпадках ігнараваліся.
У пачатку 1519 г. памерла княгіня Ганна Сямёнаўна Кобрынская. Княжацкі час Кобрына скончыўся. Але яшчэ доўга, не менш як 2 стагоддзі, на еўрапейскіх картах па нейкай дзіўнай гістарычнай інерцыі будзе працягваць існаваць Кобрынскае княства — Cobrinol Ducatus.
Яшчэ ў жніўні 1516 г., знаходзячыся ў Вільні, кароль Жыгімонт I Стары паабяцаў Вацлаў Касцевічу вотчыну з усімі княжацкімі маёнткамі ў пажыццёвае ўладанне. I сапраўды, той стаў гаспадаром былога княства, дзяржаўцам. Але да гэтага звання каралеўскі прывілей, дадзены ў Кракаве 7 чэрвеня 1519 г., дадаваў яшчэ адно — староста. Кобрын з прылеглымі землямі станавіўся з гэтага часу староствам, якое адміністрацыйна падпарадкоўвалася каралю. Ад яго імя і правіў цяпер дзяржаўца Касцевіч. Гэту дату можна ўмоўна лічыць пачаткам новага перыяду гісторыі горада.
Пан Касцевіч атрымаў ключы ад Кобрынскага замка, які цяпер ператвараўся ў цэнтральную сядзібу «гродавага» староства. Кароль, атрымаўшы вернага саюзніка — магната, меў ад гэтага акта перадачы палітычную, але ні ў якім разе не матэрыяльную выгаду. I на недасканаласць гэтай здзелкі не прамінула ўказаць яму яго разважлівая жонка Бона Сфорца д'Арагона, якая праз некаторы час фактычна стала ўладальніцай Кобрынскага староства.
У 1563 г. у Кобрын прыбыў каралеўскі рэвізор Дзмітрый Сапега. Менавіта пад яго кіраўніцтвам складалася апісанне ўсёй эканоміі, як сталі ў далейшым называць гэта буйное ўладанне яго вялікасці. У рэвізіі ўпершыню з'явіліся назвы вуліц, будынкі і імёны іх уладальнікаў, заняткі некаторых жыхароў. Зразумела, сам рэвізор далёка не заўсёды асабіста ўнікаў у справу, больш разлічваў на памочнікаў-пісараў і сведчанні мясцовых жыхароў. Таму не абышлося без памылак і некаторай блытаніны.
Дзелавым цэнтрам горада быў рынак (што ўвогуле характэрна для сярэдневякоўя) — прасторная плошча, частку якой займалі гандлёвыя рады і корчмы. Плошчу з усіх бакоў абкружалі розныя будынкі, пераважна двухпавярховыя. Верхні паверх звычайна адводзіўся пад жыллё, ніжні служыў крамай ці рамеснай майстэрняй. Амаль прамавугольную ў плане рыначную плошчу першапачаткова фарміравалі 4 асноўныя вуліцы: Ратненская, Пінская, Берасцейская і Астрамецкая. У іх назвах лёгка ўгадваецца сувязь з напрамкамі шляхоў, якія ішлі з далёкіх або блізкіх населеных пунктаў. Апошняя вуліца, праўда, прабіралася сюды з-за ракі, губляючы сваю прамалінейнасць і нават назву (на плане Кобрына канца XVIII ст. яна называецца Слушнай). Кожная з гэтых вуліц выходзіла на ўласны вугал плошчы. У нашы дні на месцы рынку — плошча Свабоды, вуліца Ратненская атрымала назву Інтэрнацыянальнай, Пінская стала Першамайскай, Берасцейская — Савецкай, а Астрамецкая — Камуністычнай.
На Ратненскай вуліцы, што ішла ў паўднёвым напрамку, жылі ў асноўным рамеснікі і купцы. У рэвізіі 1563 г. пазначаны такія імёны, як Багдан Кравец, Мацвей Кравец, Трафім Рымар, Ян Стралец, Яцына Капусціч, Панас Кадзянец, Радзец Мацейкавіч, Сцяпан Маскавіцін (тры апошнія, верагодна, купцы ці гандляры). Усе яны мелі па 3 пруты (прут — 23,72 м2) сядзібы (жылых і падсобных памяшканняў) і 4 пруты агарода.
Вуліца Пінская ішла ўздоўж ракі Мухавец на ўсход, пачынаючы старажытны гандлёвы шлях па Палессі. На ёй таксама сяліліся рамеснікі, сярод якіх вылучаўся Іванец Юркавіч Каваль, затым — Грыц Рыбар і каля дзесятка агароднікаў. Тут жа былі ўчасткі, што належалі ігумену Спаскага манастыра і касцельнай плябаніі. А ў самым канцы вуліцы размяшчаліся дамы яўрэйскай абшчыны, у т.л. кагал і сінагога.
Ад вуліцы Пінскай адгаліноўвалася вуліца Балоцкая (частка сучаснай вуліцы Кірава і вуліца Чырвонаармейская). Асноўным заняткам мясцовых жыхароў было агародніцтва, выраблялі таксама розную тару, у прыватнасці бочкі, таму пазней вуліца атрымала назву Бачкарскай. Кожны пляц складаўся з 3 прутоў сядзібы і 3 прутоў агарода. Вуліца пераходзіла ў гасцінец на в. Балоты.
3 паўднёва-заходняга вугла рынку пачыналася вуліца Берасцейская. На ёй месціліся больш заможныя двары, якія складаліся з 5 прутоў сядзібы і 8–15 прутоў агародаў. Нібы ў сугучча назве вуліцы тут пражываў нехта Міхно Берасцянін.
На левым беразе Мухаўца размяшчалася асноўная частка горада, за ракой — Другая, меншая, — «места Замухавецкае», як пазначана ў рэвізіі. Акрамя вуліцы Астрамецкай у заходнім напрамку амаль паралельна правабярэжжу цягнулася вуліца Чаравачыцкая (у рэвізора Дзмітрыя Сапегі яна чамусьці апынулася на левым беразе). Ад яе амаль побач з берагам ішоў гасцінец на сяло Чаравачыцы. Замухавецкая частка горада ўяўляла сабой сапраўднае царства агародаў — участкі плошчай ад 13 прутоў і болей. Аднак тут займаліся і ганчарным рамяством, відаць, ужо ў XVII ст. вуліца Чаравачыцкая стала называцца Ганчарнай. А далей на поўнач пазней узнікла некалькі цагельных заводаў.
Зразумела, каралеўскага рэвізора цікавілі перш за ўсё галоўныя вуліцы, на якіх пражывалі гараджане, што мелі нерухомасць і больш ці менш рэгулярна плацілі падаткі. Верагодна, быў у горадзе дзесятак-другі дробных вулачак і завулкаў, дзе тулілася бедната. На плане Кобрына XVIII ст. яны пазначаны, і некаторыя іх назвы вельмі тыповыя: Малая, Малая ад Рынку, Малая Свінская (хоць нідзе не бачна Вялікай), Рачная, Слушная і іншыя. Некаторыя вулачкі атрымалі назвы ад цэркваў, якія там знаходзіліся: Мікольская, Прачысценская.
У цэлым горад займаў даволі вялікую плошчу, на якой размяшчалася 377 двароў з дамамі. Акрамя прысядзібных агародаў жыхары апрацоўвалі ворныя надзелы за гарадской мяжой. Плошча гэтай палявой зямлі дасягала тады 130 валок, з якіх 10 належалі праваслаўным цэрквам: Спаскай (манастырскай), Раства Багародзіцы (Прачысценскай), Мікольскай і Петрапаўлаўскай (замкавым).
Мясцовая адміністрацыя размяшчалася ў Ніжнім Кобрынскім замку, які налічваў ужо не адну сотню гадоў.
3 заходняга боку Верхняга замка цераз вуліцу Слушную пачыналася тэрыторыя Спаскага манастыра. У часы княжання Івана Сямёнавіча і яго жонкі Фядоры манастырская царква і іншыя будынкі тут былі зрублены з дрэва. Аднак у пачатку XVI ст. іх замянілі мураваныя збудаванні — галоўны корпус з царквой Святога Спаса, якая займала цэнтральную частку, а таксама сцяна з дэкарыраванай брамай. 3 боку ракі былі выкапаны рыбныя сажалкі і закладзены вялікі сад. Розныя даходы дазвалялі манастырскім служкам весці нябеднае жыццё, а сам манастыр меў добрую рэпутацыю сярод вышэйшых царкоўных чыноў.
На падставе інвентарнага апісання, зробленага яшчэ ў 1549 г. баярынам Сямёнам Ясковічам па загадзе каралевы Боны, можна меркаваць, што ў манастырскай царкве Святога Спаса захоўваліся вялікія культурныя каштоўнасці. Акрамя розных прадметаў культу старой работы, у прыватнасці абразоў, намаляваных па залатым фоне, з падвескамі ў выглядзе сярэбраных вітых грыўняў і каштоўных камянёў, на царкоўных хорах размяшчалася бібліятэка вельмі рэдкіх кніг. Баярын звярнуў увагу на Евангелле старажытнага пісьма, акаванае ў серабро, і на іншыя рукапісныя кнігі памерам у дзесяць (самы вялікі з існаваўшых тады фарматаў). Былі тут і першыя кнігі, друкаваныя кірыліцай, — «старадрукі», «Актоіх» і «Трыёдзі», выдадзеныя ў 1491 г. Швайпольтам Фіёлем у Кракаве.
Палітычнае становішча ў ВКЛ асабліва ўскладнілі няўдачы ў пачатку Лівонскай вайны 1558–1583 гг. і агрэсія з боку Турцыі і Крымскага ханства на яго паўднёвых рубяжах. Усё гэта вымусіла ВКЛ пайсці на саюз з Полыпчай, якога дамагалася дробная шляхта ВКЛ, каб атрымаць такія ж прывілеі і правы, якімі карысталіся польскія феадалы. Магнаты і буйная шляхта ВКЛ рашуча выступілі супраць такога саюза, але была зацверджана Люблінская унія 1569 г., у адпаведнасці з якой утворана федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая. Паводле уніі ВКЛ захавала сваю самастойнасць, мела свой урад, казну, войска, заканадаўства, дзяржаўную мову (беларуская да канца XVII ст.).
У тыя часы царкве належала вядучая роля ў фарміраванні духоўнага светапогляду людзей. 3 праваслаўнай рэлігіяй звязваўся ў значнай ступені вызваленчы рух беларускага і ўкраінскага народаў супраць польскіх і літоўскіх феадалаў. У выніку падпісання Брэсцкай уніі 1596 г. адбылося арганізацыйнае аб'яднанне на тэрыторыі Рэчы Паспалітай праваслаўнай царквы з каталіцкай. Праваслаўная царква, захоўваючы сваю іерархію, прызнавала вяршэнства Папы Рымскага і каталіцкую дагматыку і такім чынам ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. 3 другога боку, яна захоўвала ўсе праваслаўныя абрады, богаслужэнні і пропаведзі на царкоўна-славянскай і беларускай мовах (на Украіне — на ўкраінскай). Апошні праваслаўны ігумен Кобрынскага Спаскага манастыра архімандрыт Іван Гогаль стаў уніяцкім епіскапам у Пінску.
Пераважная большасць насельніцтва супраціўлялася уніі, бо уніятамі і католікамі перш за ўсё станавіліся феадалы, з імёнамі якіх звязваўся прыгонны ўціск. Толькі частка святароў ніжэйшага рангу, той-сёй з дробнага баярства — шляхты — захавалі адданасць праваслаўю. Нярэдка здараліся пабоішчы ў час царкоўнай службы. Калі ўсе цэрквы ў Кобрыне перайшлі ў рукі уніятаў, прыхільнікі праваслаўя заснавалі ў бліжэйшым сяле Лепясы новы манастыр, альтзрнатыўны былому Спаскаму. Фундатар яго баярын Прышыхвосцкі з в. Грушава звярнуўся за падтрымкай у брацтва Віленскага Святадухаўскага манастыра — адной з апор праваслаўя на беларускіх землях. Зусім верагодна, што пры манастыры існавала і свая брацкая школа. Такія школы з'яўляліся тады амаль адзінымі арганізацыямі, якія адстойвалі нацыянальную культуру народа. Праіснаваўшы да 1691 г., гэты манастыр у велікодны дзень быў узяты прыступам і разрабаваны уніятамі.
3 мэтай прымірэння праваслаўных і уніятаў Рэчы Паспалітай уніяцкім мітрапалітам І.В.Руцкім і каралём Жыгімонтам III Вазай у 1626 г. было абвешчана скліканне Кобрынскага сабора.
У 2-й палове XVI ст. Кобрын стаў каралеўскай уласнасцю, а Кобрынская эканомія — вялікім «сталовым маёнткам» караля, які меў амаль 800 га ворнай зямлі і каля 100 га сенажатных лугоў.
У 1586 г. Кобрын дастаўся каралеве-ўдаве Ганне Ягелонцы, дачцэ Боны і Жыгімонта I Старога. Актыўная ў палітычных і гаспадарчых справах, яна таксама займалася новаўвядзеннямі. Каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю, павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, каралева вырашыла даць Кобрыну Магдэбургскае права. У 1589 г. Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам III Вазай (1587–1632). 10 снежня 1589 г. Кобрын атрымаў герб: у сярэбраным полі выява дзвюх жаночых постацей, на руках у адной дзіця. Такім чынам, Кобрын стаў горадам з самакіраваннем. Паводле прывілея, кобрынскія жыхары (домаўласнікі) з гэтага часу маглі мець уласны адміністрацыйны орган улады — магістрат. У яго яны выбіралі радцаў, з ліку якіх выбіраліся бургамістры. Аднак над усім стаяў войт, які выбіраўся толькі са шляхецкага асяроддзя і валодаў паўнамоцтвамі зацвярджаць выбраных членаў магістрата. Ён жа старшынстваваў у мясцовым гарадскім судзе, дзе яму асісціравалі лаўнікі (засядацелі).
Гараджанам дазвалялася свабодна займацца рамяством і гандлем, трымаць шынок або карчму (неўзабаве колькасць піцейных дамоў рэзка вырасла — да 40 адзінак; гэта стала сапраўдным бедствам). Жыхары Кобрына атрымалі права карыстацца агульнадзяржаўнымі мерамі і вагамі, наладжваць штотыдзень па панядзелках гандаль на рынку, а двойчы на год — восенню і зімой — праводзіць кірмашы. Дадзены былі і некаторыя льготы на выкарыстанне часткі агульнагарадскіх даходаў для грамадскіх патрэб, на высечку лесу і лоўлю рыбы.
Акрамя герба Кобрыну даравалася таксама пячатка. На тэрыторыі Ніжняга замка была пабудавана ратуша.
Увядзенне Магдэбургскага права прыкметна ажывіла гаспадарчае жыццё горада. Рамеснікі і купцы аб'ядналіся ў цэхі. Павялічыўся тавараабмен паміж Кобрынам і навакольнымі вёскамі, часцей сталі з'яўляцца гандлёвыя судны на Мухаўцы. Ужо тады ўзнікла ідэя злучыць яго каналам з Пінай ці Прыпяццю, каб стварыць зручны водны шлях, аднак яе рэалізацыя пачалася толькі праз паўтара стагоддзя.
Паўсядзённае жыццё сярэдневяковага Кобрына не было багатым на важныя падзеі, калі не лічыць рэдкіх візітаў каралёў і каралеў. Большую частку свайго часу гараджане займаліся гаспадарчымі справамі, у свабодны час мужчыны накіроўваліся ў шынкі і корчмы, а ў рэлігійныя святы і ў нядзелю болынасць насельніцтва наведвала царкоўную службу. Сярод гэтай масы людзей былі, безумоўна, і такія, што спрабавалі думаць па-іншаму, імкнуліся нешта змяніць, але пра іх даходзяць толькі глухія і часта скажоныя водгаласы. У розных актавых дакументах, якія змешчаны ў метрыцы ВКЛ, у кнігах судовых спраў больш за ўсё фактаў пра зямельныя цяжбы, асабістыя абразы, пра святатацтва і вядзьмарства. Да вінаватых ужываліся розныя пакаранні, якія вызначаліся ў большай ступені не афіцыйным заканадаўствам, а мясцовымі звычаямі. Сярод іх найбольш папулярнай была публічная лупцоўка пастронкамі (рэмень ці вяроўка — частка конскай вупражы) і розгамі, выстойванне ў «кані» (жалезным ашыйніку, прыкаваным ланцугом да сцяны ратушы) і як заключнае пакаранне — «вылеживание крыжем» у час абедні ў адной або ва ўсіх цэрквах горада. Асабліва цяжкія злачынствы караліся выгнаннем з горада (баніцыя) ці смерцю.
Пасля смерці Ганны Ягелонкі (1596) уладальніцай Кобрына стала жонка Жыгімонта III Канстанцыя, дачка аўстрыйскага эрцгерцага. Яна валодала горадам і эканоміяй з 1605 г. да 1635 г. Гэты час характарызуецца нарастаннем каталіцкай экспансіі, увасабленнем якой былі езуіты.
У 1654 г., у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг., рускія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі. У лістападзе 1655 г. пад Брэстам апынуўся ваявода С.Урусаў, які разбіў тут гетмана Паўла Сапегу. Другі раз ваенныя дзеянні адбываліся ў гэтай паўднёва-заходняй частцы беларускіх зямель у 1660 г., калі рускі ваявода Хаванскі заняў Брэст. Але падзеі хутка павярнулі ў іншае рэчышча з-за ўмяшання шведаў, якія імкнуліся пажывіцца за кошт ваюючых бакоў. Кобрын быў акупіраваны шведамі. А ў 1662 г. сюды ўвайшло войска ВКЛ пад камандаваннем маршала Жаромскага. Не дачакаўшыся ад караля платы за службу, шляхта («ракашане»), што ўваходзіла ў яго, кінулася рабаваць каралеўскія маёнткі. Гэта спустошыла горад больш, чым папярздні візіт шведаў.
Новыя беды чакалі жыхароў Кобрыншчыны ў пачатку XVIII ст. у сувязі з Паўночнай вайной 1700–1721 гг., у якой Рэч Паспалітая і Расія разам выступілі супраць Швецыі. Ваенныя падзеі зноў ахапілі Беларусь. У 1706 г. Карл XII з асноўнымі войскамі ўварваўся на яе тэрыторыю. Захопнікі і іх мясцовыя памагатыя рабавалі мірныя гарады, накладвалі кантрыбуцыі. Такі ж лёс напаткаў і Кобрын. Марадзёрам не ўдалося асабліва пажывіцца ў збяднелых гараджан. Тады яны сагналі на рынак усё нешматлікае насельніцтва. Тут ужо стаялі шыбеніцы, ішла падрыхтоўка да пакарання смерцю. Сярод заложнікаў былі і тры бургамістры. Людзі аддалі ўсе зберажэнні, якія засталіся ў іх, ратуючы жыцці землякоў.
Пасля 1709 г., калі Карл XII пацярпеў паражэнне ад Пятра I пад Палтавай, шведы былі выгнаны з Беларусі.
Папярэднія войны прывялі да разарэння і заняпаду вытворчасці. Агульная сітуацыя, якая склалася ў гэтыя дзесяцігоддзі ў краіне, непасрздна адбівалася і на справах у Кобрыне. Горад толькі фактычна захоўваў Магдэбургскае права, амаль не знаходзілася кандыдатаў для выбараў у магістрат. 3-за свавольства шляхты і рэзкага скарачэння спажыўцоў рамяство і гандаль заняпалі. Ледзь функцыянавалі 2 цэхі — кравецкі і кушнерскі.
Абвастрыліся супярэчнасці і паміж мясцовымі феадаламі. Шляхта даўно ўжо пасягала на магнацкія і каралеўскія ўладанні. Не заставалася ўбаку і царква. У ліпені 1710 г. брэсцкі староста Ян Фрыдэрык Сапега пісаў ігумену уніяцкага Спаскага манастыра Пахомію Алыдэўскаму, папракаючы яго ў хцівасці: «...маёмасць несправядліва прысвойваеш, дамы забіраеш, падданых прымушаеш, пчолы выкурыў».
Усе гэтыя беды, якія падрывалі прадукцыйную працу гараджан і пазбаўлялі іх даходаў, узмацняліся шырокім распаўсюджваннем п'янства. Дэмаралізацыя мясцовага грамадства стала настолькі відавочнай, што ў тым жа 1710 г. улады вымушаны былі прыняць спецыяльную пастанову, якая абмяжоўвала дзейнасць шынкоў і праследавала п'яніц. Але самыя жудасныя вынікі мелі эпідэміі. Маравая пошасць, што лютавала ў 1711 г., забрала болып за палову жыхароў Кобрына. У 1760-я гады ў горадзе налічвалася ўсяго 690 душ мужчынскага полу.
Зыходзячы з таго, што Кобрын як магдэбургскі горад зусім перастаў прыносіць даходы, у 1766 г. паводле распараджэння караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764–1795) ён быў пазбаўлены права самакіравання. Кобрынская магдэбургія праіснавала 177 гадоў. Аднак Кобрынская эканомія як «сталовы маёнтак» караля захавалася, хоць і мела патрэбу ў значнай рэарганізацыі. Ёй заняўся Антоній Тызенгаўз (1733–1785), падскарбі надворны літоўскі (казначэй), які распараджаўся каралеўскімі маёнткамі на тэрыторыі ВКЛ. Адміністрацыя эканоміі з замка, які знаходзіўся ў зусім непрыгодным стане, перайшла ў сядзібу, пабудаваную каля паўднёвай ускраіны горада. Яе будаўніцтва вялося пад непасрэдным наглядам Тызенгаўза. Тут жа быў закладзены вялікі парк у рэгулярным стылі, а ад яго да Кобрына правялі прамую дарогу-алею, абсаджаную ліпамі. Яна цягнулася, ператварыўшыся ў вуліцу, да самага рынку. Толькі на ёй стаяла ўсяго некалькі дамоў, што належалі шляхціцам. За сядзібай замацавалася (прычым надоўга — да XX ст.) назва «Губерня». Ад яе вуліца стала называцца Губерніяльная (цяпер яна таксама, як і парк, носіць імя Суворова).
Тызенгаўз усімі спосабамі шукаў магчымасці павысіць даход каралеўскіх маёнткаў. Ён прыдумваў новыя павіннасці для дваровых сялян, будаваў мануфактуры. Але яго прадпрымальнасць даволі хутка сустрэла неадольныя перашкоды, у т.л. і феадальны кансерватызм. У вёсках не хапала рабочых рук, адчуваліся наступствы войнаў, эпідэмій і шляхецкіх разладаў. Да таго ж многіх жыхароў Кобрыншчыны прымусова мабілізоўвалі на капанне канала, які павінен быў злучыць Мухавец з Пінай.
У сярэдзіне XVIII ст. на шэрагу картаў Рэчы Паспалітай з'явілася прамая лінія канала, праект якога прапанаваў каралеўскі картограф Ф.Чакі. Меркавалася, што гэта будзе зручны шлях для збыту збожжа, лесу і іншых тавараў з Палесся ў балтыйскія порты. Пры гэтым Ф.Чакі спраектаваў яго трасу ад Мухаўца да самай Прыпяці з перасячэннем Піны. Аднак, калі ў 1775 г. пачаліся работы, выявіяася істотная розніца паміж картаграфічным праектам і рэальнасцю. Моцна забалочаная мясцовасць прымусіла будаўнікоў адмовіцца ад прамой лініі і фактычна паўтарыць маршрут старажытнага волаку, што пачынаўся з невялікага прытока Мухаўца Валокі. Ад прыбярэжных вёсак Мухаўлокі і Варатынічы — гэта прыкладна 20 км на паўночны ўсход ад Кобрына — браў пачатак канал.
Пасля амаль дзевяці гадоў цяжкай паднявольнай працы тысячам прыгонных сялян удалося дабрацца да Піны. Назва, якую хацелі даць каналу, — імя Рэспублікі, ці Рэчы Паспалітай, — не прыжылася, навакольнае насельніцтва стала зваць яго Мухавецкім.
Адкрыццё гэтага новага воднага шляху рыхтавалася ўрачыста ў прысутнасці самога караля. Па прыкладзе імператрыцы Кацярыны, якая зрабіла вясной 1780 г. падарожжа ў «земли, вновь приобретенные», ваяж з разраду тых, што карысталіся папулярнасцю сярод адукаваных манархаў, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наведаў у канцы жніўня 1784 г. Белавежскую пушчу. Праз Шарашова, Шчарчова і Кобрын ён дабраўся да Гарадца, які па волі лёсу апынуўся на беразе свежавыкапанага канала. У Гарадцы караля чакала загадзя дастаўленае судна, упрыгожанае балдахінам і сцягам. Відовішча прыцягнула мноства народу, уперадзе красавалася мясцовая шляхта. Грымнуў стрэл гарматы, і Станіслаў Аўгуст ступіў на палубу. Праплыўшы каля 2 км, ён высадзіўся каля сяла Камень Шляхецкі, адкуль накіраваўся ў зваротны шлях. Канал, такім чынам, стаў «найвысачэйша апрабаваны». Магчыма, таму яго потым сталі называць Каралеўскім. А першую ўдалую навігацыю па новым водным шляху да самага Гданьска зрабіў у хуткім часе пінскі шляхціц-негацыянт Мацвей Бутрымовіч. Відаць, у эканамічнае значэнне Каралеўскага канала паверылі, паколькі ў 1786 г. у гонар яго выбілі медаль.
3 верасня 1784 г. пасля адкрыцця канала Станіслаў Аўгуст Панятоўскі зноў апынуўся праездам у Кобрыне, дзе яго сустракала дэпутацыя жыхароў. У гісторыі горада гэта быў апошні візіт каранаванай асобы. Падышоў да канца і каралеўскі час Кобрына.
У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая перастала існаваць. У 1795 г. Кобрыншчына была далучана да Расійскай імперыі пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Л.Р.Казлоў